UR.ANUS
На імперыялістычнай вайне
вернуться

Гарэцкі Максім

Шрифт:

Другая маладзіца слухае нашу польска-расійскую размову, нічога не разумее і заліваецца гаручымі слязьмі. Потым нешта з адчаем гаворыць па-жмудзінску.

— Што яна кажа? — пытаемся.

— Кажа: ізноў прыйдуць немцы. Дурная баба! — тлумачыць старэнькі жмогус з голенымі вусамі.

* * *

22 верасня.

Учора выехалі ў першай гадзіне ночы. Ехалі па вялікай гразі, пад дажджом, на перанізваючым ветры.

Потым дзень зрабіўся ясны, сонечны, але не пацяплела, — сцюдзёна. Ля касцёлу стаялі… грымнулі стрэлы з гармат і вінтовак! Нашы ці нямецкія, — не ведаю, але нешта дужа блізка. Слабасць духа, страх смерці апанавалі мяне.

З паўдня адкрылі бой за сялом. Страляніна на ўсім фронце. Відаць, дайшлі да нямецкіх пазіцый. Наглядальнік 1-е батарэі казаў, што ў трубу Цэйса відаць, як на далёкім-далёкім узгорку пагульваюць немцы, але нашы гарматы там не дастаюць. Трашчэлі і кулямёты, але найболей біла артылерыя.

23 верасня.

Бой як пачаўся ўчора, так ішоў усю ноч і сёння ідзе. Гэта першы раз, каб уначы так палілі з кулямётаў і вінтовак.

— Пажар! Пажар! — закрычалі нашы тэлефаністы блізка поўначы.

Я загледзеўся на прыгожы абраз: ад снараду загарэўся дом ці стог хлеба, дым палавы, а потым чорны, густы, з языкамі полымя, прэцца ўгару к цёмнаму небу. А гэтым часам па ўсім фронце гудзіць, шуміць, бэхае, свішча, трашчыць. Кулямёты, без ліку іх з усіх бакоў: тр-тр-тр!.. Цяжкімі: гкрэх! гкрэх! — са страшнай сілаю «крые» немец нашы пяхотныя акопы і «шчупае», дзе батарэі.

Надвор'е пацішэла, устоілася; ветру няма, толькі халодна-ядрана; нагам сцюдзёна, няможна сагрэць.

Ноч я перабыў у ямцы, што падкапаў у беразе сухой канавы і заслаў лёнам з поля, пакрыўдзіў якогась няшчаснага жмогуса. Пасля прынёс снапок саломкі, як бегаў у канцылярыю на хутар па красін. Красін патрэбен быў у лямпачку для батарэйнай «адметкі» (па ёй начою наводзяць аруддзі).

Як ішоў на хутар, троху немаведама чаго баяўся, бо цёмна і пуста. Каб супакоіцца, даў волю фантазіі. Уявіў сабе, між іншым, што гэтае жмудскае поле яшчэ так нядаўна агалашалася мірнай песняй дзяўчыны-пастушкі, хлопчыкі-канюшкі клалі цяпло, грэліся, смажылі сала на важашках, казалі казкі… А цяпер?

У канцылярыі красіну не знайшоў і адабраў астатні запас у бедных хутаранаў. Гаспадыня аж плакала, але як я мог вярнуцца без красіну? Я прасіў, упрашваў, умаўляў, сварыўся, пагражаў. Самому было сумна і смешна ад свае ролі гэткага рашучага салдата.

Пераязджаем на новую пазіцыю, трошку наперад.

24 верасня.

Уначы было надта халодна. На фронце заціш, мы стаялі як бы на прывале, толькі гарматы былі пастаўлены гатовыя к бою, а я тым часам не мог выспацца. Спаў на зямлі пад брызентам, і хоць сябры мае добрыя пусцілі мяне легчы пасярод, я прост дубеў ад холаду. Калі яны спалі, я колькі разоў усхопліваўся і бегаў па полі, як конь-стаеннік, пад маркотным начавым бліскам месяца. Вартаўнік здзіўлена і трошку пужліва ўглядаўся на мяне: ці не здурнеў часам вальнапісаны? Вучоныя, яны… часта дурнеюць.

— Чаго вы? — не ўцерпеў, спытаўся, і сказаў не ты, а вы, што было знакам трывогі ў яго простай салдацкай душы.

А я — гоц, гоц, гоц! і крычу:

— Га? Блохі кусаюць…

— Гі-гі-гі! — супакойна засмяяўся вартаўнік, пачуўшы мой жартаўлівы голас. I сам пажартаваў са мною: — Гі-гі-гі… Даўно яны са страху паздыхалі. Хіба белыя? Гі-гі-гі…

А я, запыханы, юркнуў пад брызент і прытуліўся да Беленькага.

Раніцаю хацеў пагаманіць з прапаршчыкам Кульгацкім.

— Ваша благародзіе!.. — А ён з перапуду кашляўся (мусіць, што я да яго так звярнуўся) — і:

— Андрэй! Андрэй! — гукнуў свайго дзеншчыка (майго цёзку), — пачастуй вальнапісанага чашкаю чаю. — I сам пайшоў зараз у хату, нейкую, мусіць, карчму пры заезным двары, бо толькі адна яна тут і ёсць пры дарозе. А белага хлеба ў Марыямпалі мне так і не купіў, хоць сам запрапанаваў купіць, калі ехалі сюды з-пад Нёмну. «Гаспада афіцэры ўсё разабралі», — сонна сказаў мне Андрэй на маё пытанне. Цяпер я падумаў: мусіць, прапаршчык закашляўся таму, што не купіў мне хлеба… Ці якая можа быць яшчэ прычына?

Удзень ляталі два нямецкіх аэрапланы. У гэты час батарэя па камандзе капітана Смірнова, заступаўшага камандзіра батарэі, «лупіла» па нямецкіх акопах мелінітавай гранатай. Разумеецца, хоць і ўдзень, агні з жэрлаў гармат добра бліскалі і курыўся пыл і дым. Калі вярнуўся камандзір, дык быў нездаволены, што капітан сваёю неасцярожнасцю паказаў аэрапланам месца батарэі. Дзеля гэтага, як сцямнее ізноў, здаецца, пераедзем ужо на трэцяе тут месца. А вясёлы арудзійны феерверкер, светлавусы яраславец Салаўёў, жартуе:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid